понедельник, 25 мая 2015 г.

"Насустрач сонцу" - мой страшны сон

Добрага часу сутак, мае чытачы! Сёння я вам распавяду пра вышыўку, якая здалася мне самай цяжкай за ўвесь час, што я вышываю. Гэта карціна мае назву "Насустрач сонцу" і была размешчана ў часопісы "Чудесные мгновения" №5-6 за 2012 год.
Гэта схема была зроблена па фрагментам карцін Алега Стаўроўскі дызайнерам Наталляй Марозавай. Шчыра кажучы, мне адразу не дужа спадабаўся гэты дызайн. Вельмі засмучвалі мяне не зусім зразумелыя пераходы паміж адценнямі жоўтага на фоне, абрэзаны хвост у каня. Але матуля вельмі прасіла вышыць менавіта гэту карціну. Ну не магла я ей адмовіць.
Каб вы разумелі, з чым я сутыкнулася, гэты вышыўка амаль аднолькавымі адценнямі жоўтага на 18 канве. Я думала, што зламаю сабе вочы. І пад канец працы я ўжо пачынала ненавідзець жоўты колер.
Пад час працы больш за ўсё мне спадабаліся грывы каней, дзе была найбольшая колькасць колераў нітак, за кошт чаго яны атрымалісь вельмі натуральныя. 
У гэтай працы я старалася зрабіць "ідэальны" выварот і вышывала "зігзакам", г. зн. спачатку шыла аднім колерам ніжнія паўкрыжыкі злева направа, а на наступным радку працягвала іх вышываць ужо справа налева і толькі потым закрывала іх верхнімі паўкрыжыкамі. У выніку такога спосабу вышыўкі у мяне атрымаліся нейкія палосы: кожны другі радок выглядаў нібы больш выпуклым.

Пасля афармлення гэта не так прыкметна ўжывую, але на фотаздымку бачна ўсё роўна. Трэба сказаць вялікі дзякуй Андрэю (https://vk.com/vbaget), які аформіў маіх каней, пасля чаго яны мне сталі падабацца значна болей.


Пачала я шукаць у інтэрнэце прычыну такой непрыемнай з'явы і высветліла, што менавіта мой спосаб "зігзаку" мяне падвёў. Каб такіх палос больш не з'яўлялася, трэбы вышываць кожны радок цалкам, адразу закрывая ніжнія паўкрыжыкі верхнімі. І я вырашыла на наступнай вышыўцы паспрабаваць вышываць без "ідэальнага" выварота, але з роўным вонкавым бокам. Але аб гэтым я распавяду ў наступны раз)   

среда, 13 мая 2015 г.

Цацка "Зайчык" ад Panna

Вітаю ўсіх, хто завітаў у мой блог! Сёння я вам распавяду пра мой першы вопыт у вырабу мяккай цацкі.
Зусім нядаўна мая сяброўка нарадзіла дачку, і я вырашыла зрабіць нешта сваімі рукамі для яе. Але ніякіх метрык, якія б мне спадабалісь, я не знайшла. А вось зайчык ад фірмы Panna прыйшоўся мне даспадобы.
У састаў набора ўваходзілі схема і інструкцыя, чатыры колеры нітак мулінэ, ў тым ліку адна меланжэвая, чатыры колеры стужак, бісер, канва Лінда і тры іглы: габеленавая, для бісеру і для стужак. У працы выкарыстоўваюцца наступныя віды швоў: крыжык, прамы шывок, прамы шывок з завітком, французкі вузельчык, сцябліністы шывок, шывок "ўсутыч" і шывок ланцужок.
Спачатку я перанесла малюнак цацкі з схемы на канву пры дапамозе змываемага вадой маркера. Маёй памылкай было тое, што я не прышпіліла канву да схемы, таму ткань ездзіла, і малюнак атрымаўся недакладны.
Па-першае, вышываліся ўсе крыжыкі на вушках, мысцы, лапках і адзенні. На фота добра відаць, як "добра" я перамалявала)
Потым прамым шыўком я вышыла носік, вочкі і рот.
Наступным крокам было прышыць бісер і вышыць стужкамі кветкі. Я першы раз спрабавала вышываць стужкамі і, шчыра кажучы, мне гэта справа здалася вельмі цяжкай. Але ўсё ж такі нешта атрымалася.
І тут пачалося самае цікавае: шыццё цацкі, чаго я таксама ніколі не рабіла. Спачатку я выразала абедзве дэталі па прыкладу з схемы, потым злажыла іх вываратным бокам наверх і сшыла, пакінуўшы невялікую дзірачку.
Выварочвала я цацку вельмі доўга, а вось набіла хутка. Зашыла дзірачку шаўком "усутыч" і зрабіла шывок ланцужок на пузіку і лапках. На мой погляд, не зусім зразумела, чаму фірма-вытворца прапаноўвае вышываць гэты шывок пасля набіцця. Гэта выклікала ў мяне невялікія праблемы. Уся справа ў тым, што яшчэ ненабітую цацку я не магла выпраць, бо тады сышоў бы маркер, і я не ведала б, дзе шыць астатнія шыўкі. Таму выпрала я яе ўжо ў самым канцы. 
І пачалася мая эпапея. У зайчыка з'явіліся нейкія жоўтыя плямы на вушах і лапках. Я лічу, гэта вынік таго, што сінцепон доўга сох. Я паапрала яго зноў, і зноў, і зноў... і кожны раз знаходзіла пляму ў новым месцы. Але я была вельмі ўпартая, і мой зайчык нарэшце стаў выглядаць прыстойна.
На наступны дзень зайчык ўжо знаёміўся з новай ўладальніцай - маленькай Крысцінкай.